КАЛЯДУЕМ РАЗАМ!

16 студзеня 2015 г. вучням Гімназіі г.Веткі пашанцавала сустрэцца з маладым, неардынарным, таленавітым чалавекам – Пятром Цалка, навуковым супрацоўнікам Гомельскага філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Быў ён у суправаджэнні цудоўных паненак з ГМКГА «Талака», якія прадэманстравалі свой талент у выкананні беларускіх народных песень.

Гімназісты вучыліся рабіць Калядную Зорку, вадзілі казу , мядзведзя, бусла. Кожны паказ суправаджаўся даступным тлумачэннем Ларысы Дзмітрыеўны Раманавай, навуковым супрацоўнікам музея, паэтам і вялікім сябрам Гімназіі.
Але самае цікавае адбылося напрыканцы: дзеці ўбачылі сапраўдную батлейку і нават паглядзелі батлеечны спектакль! Смеху, жартаў, песень было бясконца! Адбыўся сапраўдны ўрок, урок жыцця нашых продкаў, нашай гісторыі. Менавіта такія і застаюцца ў памяці...
Таццяна Уладзіміраўна Ганіч, 
настаўнік беларускай мовы і літаратуры
Гімназіі г.Веткі, кіраўнік гуртка “Спадчына”






Комментариев нет:

Отправить комментарий